Полацк у творчасці мастакоў

Убачыць Полацк вачыма мастакоў, угледзецца ў знаёмыя сілуэты горада прапаноўвалі юнам палачанам у Мастацкай галерэі.

На працягу месяца навучэнцы чацвёртых класаў знаёміліся з работамі мастакоў, дзе «галоўным героем» з’яўляецца Полацк — самы старажытны горад Беларусі. Разглядаючы жывапісныя і графічныя творы, дзеці ўпэўніліся, якім розным можа быць Полацк, як шмат залежыць ад асобы мастака.

Школьнікі з цікавасцю параўновалі два вобразы горада, два рытмы жыцця ля работы Антона Каржанеўскага «Новы Полацк», напісанай больш за шэсцьдзясят гадоў таму. Уважліва слухалі кранальную гісторыю пра тое, як дзіцячае захапленне маляваннем вызначыла выбар будучай прафесіі і стала справай усяго жыцця мастачкі з Полацка, Заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі Нінэль Шчаснай.

Напрыканцы занятка навучэнцы рабілі першыя крокі ў засваенні тэхнікі скетчынгу: выконвалі накіды любімага месца ў горадзе.

128