«Клічу вас я на пабеду!»

25 красавіка 2025 года ў Мастоўскім музеі “Лес і чалавек” адбылося адкрыццё выставы “Клічу вас я на пабеду!” са збораў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.

Праект прымеркаваны да двух вялікіх юбілеяў, якія вядуць адлік з 1945 года: гэта 80-годдзе Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі, а таксама да 100-годдзя надання Янку Купалу “імя беларускага народнага паэты” – менавіта так было напісана ў Пастанове Ураду Беларусі, прынятай 10 чэрвеня 1925 года.

“Клічу вас я на пабеду!” – менавіта з такімі словамі звяртаўся Янка Купала да абаронцаў сваёй Айчыны ў верасні 1941 у вершы “Беларускім партызанам”, які стаў натхннем для народных мсціўцаў.

Янка Купала ўжо ў першыя дні вайны быў сведкаю многіх трагічных падзей: бамбёжкак і расстрэлаў з самалётаў мірных жыхароў-бежанцаў. Як і для многіх гэта былі дні і гады балючых страт і расстанняў. 24 чэрвеня згарэў дом паэта, загінулі яго архіў і бібліятэка; 3 ліпеня – спалена дача ў Ляўках, а сама любімая мясціна летняга адпачынку стала мясцінай развітання з радзімай. Купала турбаваўся за лёс маці, якая засталася ў Мінску і з болем у сэрцы гаварыў: “І тая, што на свет пусціла, засталася там…”.

А потым быў шлях ў эвакуацыю: Масква – Чабаксары – Казань, і апошняя зіма ў Пячышчах, у далёкім Татарстане…

Запрашаем глыбей пазнаёміцца з жыццёвым і творчым шляхам Янкі Купалы ў ваенныя гады.

Наведаць выставу можна да 30 мая, у тым ліку і ў святочны дзень Вялікай Перамогі.

170